Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Выхад 7 Выхад 7 раздзел

1 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Глядзі, Я паставіў цябе як Бога для фараона, а Аарон, брат твой, будзе прарокам тваім.
2 Ты будзеш гаварыць усё, што Я загадаю табе, а Аарон, брат твой, будзе гаварыць да фараона, і ён адпусьціць сыноў Ізраіля з зямлі сваёй.
3 І Я зраблю цьвёрдым сэрца фараона, і памножу знакі Мае і цуды Мае ў зямлі Эгіпецкай.
4 І не паслухае вас фараон, і Я пакладу руку Маю на Эгіпет, і выведу войска Маё, народ Мой, сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай праз суды вялікія.
5 І даведаюцца Эгіпцяне, што Я — ГОСПАД, калі выцягну руку Маю на Эгіпет і выведу сыноў Ізраіля спаміж іх».
6 І зрабілі [так] Майсей і Аарон; як загадаў ім ГОСПАД, так яны і ўчынілі.
7 І Майсею было восемдзясят гадоў, а Аарону — восемдзясят тры гады, калі прамаўлялі яны да фараона.
8 І сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону, кажучы:
9 «Калі скажа вам фараон, кажучы: “Дайце ваш цуд”, ты скажы Аарону: “Вазьмі кій твой і кінь перад фараонам”; і ён станецца цмокам».
10 І прыйшоў Майсей і Аарон да фараона, і ўчынілі так, як загадаў ГОСПАД. І кінуў Аарон кій свой перад фараонам і перад слугамі ягонымі, і ён стаўся цмокам.
11 І паклікаў фараон мудрацоў і чараўнікоў, і ўчынілі варажбіты Эгіпецкія варажбою сваёю тое самае.
12 І кінуў кожны кій свой, і яны сталіся цмокамі, але праглынуў кій Ааронаў кіі іхнія.
13 Але зацьвярдзела сэрца фараона, і ён не паслухаў іх, як гаварыў ГОСПАД.
14 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Закамянела сэрца фараона; ён адмаўляецца адпусьціць народ.
15 Ідзі да фараона раніцаю. Вось, ён выйдзе да вады, а ты стань насупраць яго на беразе ракі; і кій, які перамяняўся ў зьмея, возьмеш у руку тваю.
16 І скажы яму: “ГОСПАД, Бог Гебраяў, паслаў мяне да цябе, кажучы: "Адпусьці народ Мой, і ён будзе служыць Мне ў пустыні". І вось, ты не паслухаў аж да цяпер.
17 Гэтак кажа ГОСПАД: "З гэтага ты даведаешся, што Я — ГОСПАД". Вось, я ўдару кіем, які ў руцэ маёй, па вадзе, якая ў рацэ, і яна пераменіцца ў кроў,
18 і рыба, якая ў рацэ, здохне, і рака засьмярдзіць, і агідна будзе Эгіпцянам піць ваду з ракі”».
19 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Скажы Аарону: “Вазьмі кій твой і выцягні руку тваю на воды Эгіпту, на рэкі іхнія, на ручаі іхнія, на сажалкі іхнія і на ўсялякія ставы водаў іхніх; і стануцца яны крывёй, і будзе кроў па ўсёй зямлі Эгіпецкай, і ў [начыньнях] драўляных і каменных”».
20 І зрабілі Майсей і Аарон так, як загадаў ГОСПАД. І падняў ён кій, і ўдарыў па вадзе, якая ў рацэ, перад вачыма фараона і перад вачыма слугаў ягоных, і перамянілася ўся вада, якая ў рацэ, у кроў.
21 І рыба, якая ў рацэ, падохла, і засьмярдзела рака, і не маглі Эгіпцяне піць вады з ракі; і была кроў у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.
22 І зрабілі гэтаксама варажбіты Эгіпецкія варажбою сваёю. І зацьвярдзела сэрца фараона, і ён не паслухаў іх, як і казаў ГОСПАД.
23 І павярнуўся фараон, і пайшоў у дом свой; і не зьвярнуў сэрца свайго да гэтага.
24 І капаў увесь Эгіпет вакол ракі ваду, каб піць, бо не маглі піць вады з ракі.
25 І споўнілася сем дзён пасьля таго, як ГОСПАД ударыў раку.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Выхад, 7 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.