Біблія » Каталіцкі Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Мацвея 24 Паводле Мацвея 24 раздзел

ЭСХАТАЛАГІЧНАЯ ПРАМОВА

Прадказанне збурэння святыні

1 Выйшаўшы, Езус пайшоў ад святыні. І падышлі вучні Яго, каб паказаць Яму будынкі святыні.
2 А Ён сказаў ім: «Ці бачыце ўсё гэта? Сапраўды кажу вам: не застанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны».
3 Калі Ён сядзеў на Аліўнай гары, падышлі да Яго вучні асобна, кажучы: «Скажы нам, калі гэта будзе і які знак Твайго прыйсця і сканчэння свету?»
Пачатак пакутаў

4 Адказваючы, Езус сказаў ім: «Глядзіце, каб хто не звёў вас.
5 Бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы: “Я — Хрыстус”, і многіх звядуць.
6 Вы пачуеце пра войны і весткі з войнаў. Глядзіце, не палохайцеся, бо так павінна адбыцца. Але гэта яшчэ не канец.
7 Бо народ паўстане на народ, і каралеўства на каралеўства, і ў розных месцах узнікнуць паморак і землятрусы.
8 Усё гэта — пачатак пакутаў.
9 Пасля аддадуць вас на ўціск і будуць забіваць вас, і зненавідзяць вас усе народы за імя Маё.
10 Тады шмат хто зняверыцца, і будуць выдаваць адзін аднаго і ненавідзець адзін аднаго.
11 І паўстане шмат фальшывых прарокаў, і яны шмат каго звядуць.
12 А з-за таго, што пашырыцца беззаконне, любоў многіх астыне.
13 Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
14 І гэта Евангелле Валадарства будзе абвешчана па ўсім свеце на сведчанне ўсім народам; і тады настане канец.
Спусташэнне Юдэі

15 Калі ж убачыце агіду спусташэння, прадказаную прарокам Даніэлем, якая пануе на святым месцы, — хто чытае, няхай разумее, —
16 тады тыя, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы;
17 хто будзе на даху, няхай не спускаецца ўзяць рэчы з дому свайго.
18 А хто на полі, няхай не вяртаецца ўзяць вопратку сваю.
19 Гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні!
20 Маліцеся, каб вашы ўцёкі не прыпалі на зіму ці на шабат.
21 Таму што будзе тады вялікая туга, якой не было ад пачатку свету аж дагэтуль і не будзе.
22 І калі б не скараціліся тыя дні, не ўратавалася б ніякае цела. Але дзеля выбраных скароцяцца дні гэтыя.
23 Тады, калі хтосьці скажа вам: “Вось, тут Хрыстус”, — ці: “Там”, — не верце!
24 Бо паўстануць фальшывыя месіі і фальшывыя прарокі і будуць чыніць вялікія знакі і цуды, каб увесці ў зман па магчымасці і выбраных.
25 Вось, Я прадказаў вам.
26 А калі вам скажуць: “Вось, Ён у пустыні”, — не выходзьце. Або: “Вось, Ён у патаемных пакоях”, — не верце.
27 Бо як маланка мільгае з усходу і паказваецца аж на захадзе, такім будзе прыйсце Сына Чалавечага.
28 Бо там, дзе трупы, збяруцца арлы.
Прыйсце Сына Чалавечага

29 Адразу пасля нядолі тых дзён зацемніцца сонца, і месяц не дасць святла свайго, і зоркі пападаюць з неба, і пахіснуцца нябесныя сілы.
30 Тады на небе з’явіцца знак Сына Чалавечага, і загалосяць усе зямныя плямёны, і ўбачаць, як Сын Чалавечы прыходзіць на аблоках з вялікай магутнасцю ў славе.
31 Ён пашле анёлаў сваіх з моцным гучаннем трубы, і збяруць выбраных Яго з чатырох бакоў свету, з аднаго краю нябёс да другога.
Прыклад смакоўніцы

32 Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і пускае лісце, ведаеце, што блізка лета.
33 Так і вы, калі ўсё гэта ўбачыце, ведайце, што блізка, пры дзвярах.
34 Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, як усё гэта адбудзецца.
35 Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць.
Заклік да чування і прыпавесць пра вернага слугу

36 А пра дзень той і гадзіну ніхто не ведае, ні анёлы нябесныя, ні Сын, а толькі Айцец.
37 Але як было ў дні Ноя, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага.
38 Бо, як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг,
39 і не ведалі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага.
40 Тады двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты.
41 Дзве будуць малоць на жорнах: адна будзе ўзята, а другая пакінута.
42 Таму чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе.
43 Знайце ж тое, што, калі б гаспадар дому ведаў, у якую варту прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой.
44 Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце.
45 Хто ж верны і разумны слуга, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі даваць ім спажытак у адпаведны час?
46 Шчаслівы той слуга, якога гаспадар ягоны, калі прыйдзе, застане, што ён так робіць.
47 Сапраўды кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёй паставіць яго.
48 Калі ж гэты дрэнны слуга скажа ў сэрцы сваім: “Не спяшаецца гаспадар мой”,
49 і пачне біць сяброў сваіх, есці і піць з п’яніцамі,
50 то гаспадар слугі гэтага прыйдзе ў дзень, калі ён не чакае, і ў гадзіну, аб якой не ведае.
51 І адлучыць яго, і вызначыць яму долю разам з крывадушнікамі. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле святога Мацвея, 24 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Мацвея 24 раздзел в переводах:
Мацвея 24 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.